Святлана Корань спынілася на сітуацыях, калі махляры ўваходзяць у давер да кліентаў банка і выманьваюць у іх рэквізіты плацежных картак, банкаўскіх рахункаў, іншых асабістых даных. Яна заклікала пры карыстанні інтэрнэт-банкінгам “Беларусбанка” ўважліва глядзець на яго адрас – ibank.asb.by Ён павінен быць менавіта такім і ніякім іншым. Усё астатняе – падробленыя старонкі, пры уваходзе на якія грошы будуць скрадзеныя. Неблагая абарона ад рызыкі быць падманутым – захаваць інтэрнэт-банкінг як укладку на мабільным тэлефоне, камп’ютары ці ноўтбуку.
Па-ранейшаму, хаця апошнім часам выпадкаў ашуканства стала менш, небяспеку для кліентаў банка ўяўляюць тэлефанаванні, якія, як правіла, паступаюць на Вайбер. Падчас стасункаў махляры прадстаўляюцца супрацоўнікамі службы бяспекі банка і пад рознымі нагодамі выведваюць банкаўскія рэквізіты, каб потым завалодаць грашыма.
– Сапраўдныя супрацоўнікі банка ніколі не будуць тэлефанаваць на Вайбер – толькі на мабільны ці стацыянарны тэлефон, – растлумачыла Святлана Корань. – І, тым больш, мы не пытаемся ў кліентаў нумар іх карткі, а пры пэўнай патрэбе запрашаем прыйсці на гутарку ў банк.
Пры гэтым спецыяліст “Беларусбанка” параіла не спрабаваць размаўляць з махлярамі, нават калі вы здагадаліся, што вас спрабуюць ашукаць, бо яны маюць прафесійную псіхалагічную падрыхтоўку і незаўважна могуць “апрацаваць” патэнцыйную ахвяру. Лепш за ўсё адразу ж націснуць на “адбой”.
Таксама Святлана Корань назвала новыя тэхналогіі кібермахляроў, якія з’явіліся параўнальна нядаўна. Гэта ашуканства праз платформу “Куфар Дастаўка”, паведамленні пра выйгрыш прыза і тэлефанаванні, звязаныя з атрыманнем крэдыту.