У мастацкіх выставах Віктар Данілаў удзельнічае з 1968 года. Ураджэнец Расіі, ён у свой час скончыў Віцебскі педінстытут.
— Падчас вучобы ў Віцебску кожнае лета ездзіў у падарожжа. Сярэдняя Азія, Памір, Крым... Менавіта тады я зразумеў па-сапраўднаму, што мастак павінен бачыць вобразамі, дадумваць іх, - распавядае Віктар Мікалаевіч. - Улічваючы, што заканчваў я педінстытут, я настаўнік па сваёй натуры. Ды і працаваў на педагагічнай працы 45 гадоў. Таму місія мая - адукоўваць. Я і зараджаны на навучанне, прычым людзей усіх узростаў: ад малых да пажылых. Мне цікава, каб людзі адчынялі сябе. Для гэтага я і праводжу аўтарскія курсы па ўсёй Мінскай вобласці. Імкнуся захапіць і дзяцей, і дарослых роднай прыродай, культурай так, як захоплены я сам. Хоць я родам з Расіі, але Беларусь стала мне радзімай, адчуваю: яна - мая.
Беларусь Віктар Данілаў аб'ездзіў літаральна ўздоўж і ўпоперак. У яго творчым партфоліё цэлыя серыі работ з Вязынкі, Заслаўя, Міра, Нясвіжа, Маладзечна…
— Чэрвеня ў гэтым пераліку пакуль няма?
— У Чэрвені былі. На пленэры некалькі гадоў таму. Праўда, усяго адзін дзянёк. Але гэта горад майго маштаба. Люблю невялікія мястэчкі. Цяпер я заняты тэмай Янкі Купалы. Як толькі завяршу з ёй, тады буду больш падрабязна планаваць сустрэчу з Чэрвеншчынай.
Віктар Данілаў знаходзіцца ў Еўразійскай мастацкай садружнасці і Міжнароднай гільдыі жывапісцаў. Яго працы – у фондах музеяў Самарканда, Пскова, Мінска, Віцебска, Оршы, Ліды, Маладзечна, Заслаўя, Нясвіжа і прыватных калекцыях у Расіі, Англіі, ЗША, Ізраілі, Польшчы, Германіі, Італіі.
– Магчыма, і наш палац Манюшко-Ваньковічаў у Вашым выкананні апынецца недзе далёка?
— Магчыма, — усміхаецца Віктар Мікалаевіч і па-змоўніцку дадае: — Але найперш у Вашай газеце надрукуем некалькі малюнкаў.
Вікторыя Кахраман