Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Ірына Змачынская павітала дзяцей і бацькоў. Віншуючы прысутных, яна сказала:
— Як дрэва моцна сваімі каранямі, так чалавек моцны сваёй радзімай, сям'ёй, — Сёння тут і шматдзетныя сем'і, і тыя, хто мае аднаго і двух дзяцей. Дзякуй, што падаеце дзецям добры прыклад кахання і клопату, гадуйце іх патрыётамі Беларусі.
Настаяцель храма Мікалая Цудатворца Аляксандр Лазоўскі павіншаваў усіх з Пакровам Прасвятой Багародзіцы і благаславіў прысутных на добрую справу.
У садзе гімназіі ўжо былі падрыхтаваны рыдлёўкі, саджанцы, палівачкі. Разам з дзеткамі, якія падтрымлівалі далікатныя дрэўцы яблынь, груш і сліў, за працу ўзяліся таты. Справіліся хутка, зрабілі фота на памяць, устанавілі памятную таблічку.
Пасля дырэктар гімназіі запрасіла дзяцей і бацькоў пакаштаваць пачастункi, прыгатаваных з пладоў сёлетняга ўраджаю, - кампот, шарлотку, піражкі, запечаныя яблыкі.
У гімназіі ў гэты дзень праходзіў кірмаш здароўя. Кожны са школьнікаў прыгатаваў нейкую страву і за сімвалічныя грошы прапаноўваў таварышам.
Блінцы, піражкі, мафіны, кексы, пірагі з садавінай разляталіся імгненна. Такія кірмашы праходзяць у гімназіі рэгулярна. Абавязковая ўмова: усё павінна быць хатнім, гэта значыць прыгатаваным сваімі рукамі. Відаць было, што такая форма перакусу падабаецца хлопцам.
Галіна Гамеза. Фота аўтара.