Пры куплі мёду ў чалавека ўзнікае шэраг пытанняў. Вядома, усе хочуць самы якасны і сапраўдны мёд з пчальніка. Але прыкол у тым, што не ўсе ведаюць, як сапраўдны мёд выглядае! Адна з самых распаўсюджаных прэтэнзій да пчаляра, прадаючага сваю прадукцыю - «Што гэта за белыя пенкі? Напэўна, мёд сапсаваны!..»
Вось што распавёў пчаляр Андрэй Баброўскі:
«Белы пласт у мёдзе - гэта закрышталізаваная глюкоза. Аматарам салодкага пчалінага прадукту рэкамендую пры выбары мёду аддаць перавагу таму, у якога назіраецца такое вось красаванне. Гэта прыкмета таго, што мёд сапраўды натуральны! Візуальна некаторым спажыўцам «пенка» здаецца некалькі непрыгожай, не эстэтычнай і нават палохаючай. Аднак гэта прыкмета добрай якасці мёду, прыкмета яго натуральнасці. Чаму? Справа ў тым, што ўтварэнне белага пласта ўзнікае у натуральнага мёду з нізкай вільготнасцю і адбываецца пры нармальных умовах захоўвання. «Узоры» ўтвараюцца ў закрышталізаваным мёдзе пры судотыку з посудам, у якi ён фасуется».
Такім чынам, дарагія чытачы, з гэтага часу цвёрда ведайце: калі на паверхні мёду або дзе-небудзь ўнутры прысутнічае белая «пенка» - хапайце яго, ён сапраўдны!
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Таццяны Дзьмітровіч

