Кніга складаецца зчатырох раздзелаў: “Гэты нядобры Тузік”,“Паэзія без габарытаў”,“Каханне і гарох”,“Каса на камень”.У першы раздзел увайшлі невялікія гумарыстычныя вершыкі, у другі - пародыі на вершы сучасных беларускіх паэтаў, у трэці – “рыфмаванкі” і ў апошні раздзел - невялікія гумарыстычныя сцэнкі, якія можна паставіць не толькі ў народных і самадзейных тэатрах, але і сіламі школьных драматычных гурткоў.
Гумарыстычны зборнік выйшаў у серыі “Несур’ёзна пра сур’ёзнае”, якая выдаецца з 2014 года. Вокладка кнігі аздоблена карцінай знакамітага мастака Валянціна Губарава.
Прапануем нізку гумарыстычных твораў сябра аматарскага аб’яднання “Ветразь”:
На прыёме ў псіхіятра
- Цяпер скажыце,
небарака,
калі ўсё пачалося
ў вас?
Калі аб тым,
што вы - сабака,
прыйшла вам думка
ў першы раз?
-Аб гэтым думаў я цішком
яшчэ маленькім шчанюком…
* * *
- Мой муж знайшоў сабе забаву:
як толькі вып’е ранкам каву,
адразу ж кубачак з’ядае
і толькі ручку пакідае…
- Я бачу: ён у вас дзівак!
Якраз жа ў ручках - самы смак!
Не так, як раней
- Эх, сябра, як тут ні круці,
усё змяняецца ў жыцці!
Раней, калі дамоў прыходзіў
і толькі ў свой пакой заходзіў,
сабака брэхам сустракала,
пантофлі жонка падавала…
- І што ж змянілася, Фядот?
- Цяпер - усё наадварот!
Знаёмая мiска
- Ты мусіць, суседзе,
не корміш сабаку?
Прызнайся!
- Ды што ты!
Наадварот!
- А што ж каля нас яна ўсё,
небарака,
сядзіць і глядзіць мне,
як кажуць,
у рот?
- Пустое!
Хай гэта цябе не хвалюе!
Бо зараз яе
не адгоніш калом.
Яна ж
сваю міску пазнала…
- Якую?
- Ды тую,
з якой ты ясі за сталом.
Не трэба рызыкаваць
- Я чуў, што ты прадаў
свой саксафон?
- Не толькі саксафон,
але й трамбон!
- Чаму?
Ты ж вельмі граць на іх любіў?
- Сказалі мне:
сусед ружжо купіў!
Святлана ЖДАНОВІЧ,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Чэрвеньскай цэнтрльнай раённай бібліятэкі